СВАБО́ДНЫ ВЕРШ, верлібр (франц. vers libre),
дысметрычны верш, рытм якога ўтвараецца чаргаваннем вершаваных радкоў аднатыпнай інтанацыйна-сінтакс. структуры. Рытмічная мернасць размяшчэння радкоў падкрэсліваецца паўзамі, паўторам стылістычных фігур, аднолькавых слоў ці іх форм, асобных радкоў. У С.в. адсутнічае адзіная скразная мера паўтораў, яна ўвесь час мяняецца, захоўваючы інтанацыйна-сэнсавае і стылявое адзінства верша:
Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?
Я чую. Чаму ж ты не чуеш?
Мне весела. А табе сумна?
Мне горка. А табе соладка?
Якой жа мы ніткаю сшыты,
Што і маладымі зубамі
Ніяк яе не перакусім.
(М.Танк. «Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?»)
С.в. узнік у амер. і еўрап. л-рах у сярэдзіне 19 ст. (У.Уітмен, У.Блейк, Г.Гейнэ), сустракаўся ў класічнай рус. паэзіі (А.Фет, Я.Палонскі). Тэрмін «верлібр» увёў ва ўжытак франц. пісьменнік Г.Кан у 1884. Вял. пашырэнне атрымаў у 20 ст. (А.Блок, В.Брусаў, У.Маякоўскі, у замежнай л-ры П.Нэруда, Назым Хікмет Ран і інш.).
У бел. паэзію С.в. увёў М.Багдановіч («Двайняткі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»; пераклад верша Э.Верхарна «Паўстанне»). Пашыраны ў сучаснай бел. паэзіі (Р.Барадулін, А.Вярцінскі, А.Грачанікаў, С.Дзяргай, В.Зуёнак, А.Лойка, П.Макаль, Н.Мацяш, А.Наўроцкі, П.Панчанка, А.Разанаў, Я.Сіпакоў, М.Танк). У большасці вершы, напісаныя С.в., адносяцца да філасофскай ці медытатыўнай лірыкі.
А.А.Майсейчык.
т. 14, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)